Вера з любоўю

2011-10-21 ## 10:50   

Неспадзяваныя шляхі Гасподні…
З расійскім кінаакцёрам Уладзімірам Ягоравым я пазнаёмілася падчас леташняй, шаснаццатай па ліку, экспедыцыі па розных гарадах Беларусі з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга.

…Уладзімір Георгіевіч зусім непадобны на артыстаў, якіх мы прывыклі бачыць у розных шоу і чытаць пра іх у свецкіх хроніках. Няма ў ім ні паказушнай “зорнасці”, ні лоску “маскоўскай штучкі”, хоць акцёр – карэнны масквіч у трэцім пакаленні, ні снабізму прадстаўніка сталічнай багемы. Ён прыцягваў да сябе ўсіх членаў экспедыцыі нейкай унутранай сілай, дабрынёй, упэўненасцю — і праз тыдзень сумеснай вандроўкі стаў для ўсіх амаль што родным: калі ў кожным новым горадзе вырашалася, хто з членаў экспедыцыі, у склад якой уваходзілі вядомыя беларускія пісьменнікі, паэты, журналісты, навукоўцы – у якую школу ці ўстанову культуры пойдзе сустракацца з мясцовым насельніцтвам, кожны хацеў трапіць у адну групу з Уладзімірам Георгіевічам.
Нас з кінаакцёрам аб’ядноўвала яшчэ і тое, што абое мы – “мечаныя” Чарнобылем: ён у складзе кіназдымачнай групы ў 1986 годзе быў у самім Чарнобылі, на атамнай станцыі, нават на пасляаварыйным чацвёртым блоку, дзе ішлі здымкі дакументальнага фільма “Раён дзеяння – Чарнобыль”. І гэтая старонка жыцця, не самая працяглая па часе, стала для яго адной з галоўных – як і для мяне назаўжды незагойнай ранай застаецца боль аб загубленай «мірным атамам» радзіме.
Пасля таго, як экспедыцыя завяршылася, мы абмяняліся адрасамі, тэлефонамі, паабяцалі не губляцца. Але ў мітусні паўсядзённых спраў, як гэта часта бывае, “сеанс сувязі” ўсё адкладваўся “на потым”.
І раптам – званок ад яшчэ аднаго ўдзельніка нашай экспедыцыі Дзмітрыя Ворсы:
— У Мінск на праваслаўны кірмаш на некалькі дзён прыязджае ваш добры знаёмы Уладзімір Ягораў. Калі хочаце, мы прыедзем да вас у Астравец.
Яшчэ б я не хацела! Пастасавацца з такім чалавекам – нібы крынічнай вады ў спякотны дзень напіцца! Думаю, пераканаліся ў гэтым і тыя, хто прыйшоў 22 сакавіка на сустрэчу з Уладзімірам Ягоравым у цэнтральную бібліятэку і ў гімназію.
Уладзімір Георгіевіч прыехаў не з пустымі рукамі – з кароткаметражнымі фільмамі, якія зняла Марыя Мажар, наша беларуская дзяўчына, калі вучылася ў ГІЦІСе. У адным з іх – “За імя маё” – Уладзімір Ягораў іграе адну з галоўных роляў – святара айца Аляксандра. Які, па сутнасці, не проста мяняе жыццё маленькай дзяўчынкі, сіраты, якую ў галодны і халодны пасляваенны час, як звярка, гоняць дзеці і не вельмі заўважаюць дарослыя, а ў другі раз дорыць ёй гэтае жыццё. Пахрысціўшы малую і даўшы ёй імя Ганна, якое насіла яе нябожчыца-маці, айцец Аляксандр усяляе ў дзяўчынку пачуццё ўласнай годнасці, усведамленне, што і яна – чалавек! Яна ўжо не “фашыстка”, як абзываюць яе дзеці – і гэтую мянушку малая на поўным сур’ёзе лічыць сваім імем. Цяпер яна – Ганна!
Фільм зняты па рэальных падзеях. Можа, таму ў гледача – ва ўсякім выпадку, у мяне так было – узнікае поўнае адчуванне рэальнасці таго, што адбываецца на экране. І хоць Уладзімір Георгіевіч расказвае пра маскоўскую дзяўчынку з інтэлігентнай сям’і Машу Карнееву, якая іграе ролю Ганны, пра тое, як праходзілі здымкі — немагчыма ўспрымаць тое, што адбываецца на экране, толькі як кіно. І нельга стрымаць слёз падчас фінальнай сцэны, калі энкэвэдэшнікі забіраюць айца Аляксандра – а ўслед за падводай бяжыць, выбіваючыся з сіл, Ганна і крычыць нават не голасам – усёй сваёй істотай! – слова, якое ёй не было каму сказаць дагэтуль: “Мама”.
Гэткі ж рэальны ў ролі айца Аляксандра Уладзімір Ягораў. Настолькі, што падчас своеасаблівай “прэс-канферэнцыі” пасля прагляду фільма гледачы пыталі ў яго: якое ён мае дачыненне да царквы? Бо ролю праваслаўнага святара ў гэтым фільме акцёр не проста іграе – ён у ёй жыве.
Пра гэта ж у свой час, падчас размоў у экспедыцыі, спытала і я. І даведалася, што да веры Уладзімір Ягораў, які, як і большасць з нас, выхаванцаў савецкай піянерска-камсамольскай школы, прыйшоў даволі позна: у 35 гадоў ён сам пайшоў у храм і пахрысціўся. Дарэчы, лічыць, што такое позняе, свядомае хрышчэнне – не самае горшае:
— Сёння мы хрысцім дзяцей немаўлятамі, а потым часта здараецца, што яны за ўсё жыццё так і не прыходзяць да Бога. Канешне, вінаваты ў гэтым перш за ўсё хросныя бацькі дзіцяці, якія свой удзел у яго выхаванні бачаць толькі ў тым, каб купіць малому да свята ці дня нараджэння падарунак – цацку ці касцюмчык новы. А іх абавязак, як хросных – давесці дзіця да Бога, да храма.
Уладзімір Ягоравіч да храма і да Бога прыйшоў сам. Але таксама не без дапамогі добрых людзей. Бацька яго быў камуністам, у тыя савецкія часы, зразумела, не магла ў доме гучаць малітва… Але ў яго заўсёды быў яго залаты хрысцільны крыжык і радавая сямейная ікона – час ад часу, у асабліва цяжкія ці лёсавырашальныя моманты, бацька даставаў іх, сядзеў і моўчкі глядзеў – і адно гэта ўсяляла ў сына павагу да гэтых практычна забароненых у той час святынь, разуменне, што гэта – нешта большае, чым проста рэчы ці нават сямейная рэліквія.
А яшчэ бацька, мудры чалавек і тонкі псіхолаг, штодня прымушаў Валодзю чытаць услых “перадавіцу” з “Правды”…
— Мяне літаральна муціла ад гэтых артыкулаў, – успамінае Уладзімір Георгіевіч. – Я сваім дзіцячым розумам усведамляў, што ўсё, што там напісана, рэзка адрозніваецца ад таго, што адбываецца на самой справе, ад рэальнага жыцця. Сёння я разумею, што гэта таксама быў адзін з метадаў бацькавага выхавання – метадам “ад супраціўнага”…
…У храм ён ў першы раз зайшоў, калі быў з Іркуцкім тэатрам, дзе ў той час працаваў, на гастролях у Брацку. Проста гуляў па гораду, убачыў царкву – і ўвайшоў.
— Ішла служба. Канешне, я мала чаго разумеў з таго, што адбываецца. Але помню адчуванне радасці, святочнасці, якое не пакідала мяне ўвесь час, пакуль я там знаходзіўся і доўгі час пасля. Сёння б я сказаў: гэта была благадаць Божая, тады яшчэ і слова такога не ведаў. Гэты ўспамін доўга грэў маю душу. Кажуць, Бог чалавека кліча да сябе тры разы. Калі той не адгукаецца, Бог яго пакідае… Напэўна, у мяне гэта было ў першы раз.
Яшчэ адным такім паваротным момантам быў выпадак, калі таксама амаль што выпадкова – хоць нічога выпадковага ў жыцці, як вядома, не бывае – у яго рукі трапіў праваслаўны малітваслоў.
— Мне цяжка перадаць словамі свае адчуванні, калі я ў першы раз прачытаў малітву. Гэта сапраўды было як Божае пакліканне.
Гасподзь спадобіў – і Уладзімір Ягораў на працягу пяці гадоў у самы цяжкі для краіны і людзей час, у смутныя 90-я, як ён сам кажа, падвізаўся, працаваў у Маскоўскім храме Дзевяці Пакутнікаў – быў казначэем, дырэктарам і выкладчыкам нядзельнай школы.
— Гэта быў цудоўны перыяд, напэўна, самы лепшы ў маім жыцці. Без гэтых пяці гадоў служэння ў храме ў мяне б, напэўна, нічога добрага ў жыцці не атрымалася б.
Уладзімір Георгіевіч святар – толькі ў кінафільмах (дарэчы, яго цяпер клічуць здымацца пераважна на ролі свяшчэннаслужыцеляў. І, напэўна, гэта невыпадкова).
— Мне вельмі хацелася стаць свяшчэннікам, бацюшкам, — прызнаўся ён падчас сустрэчы ў бібліятэцы. – Але я разумеў, што гэта немагчыма. І вось Гасподзь даў магчымасць мне пражыць жыццё бацюшкі хоць бы на экране – за што я не перастаю яму дзякаваць у сваіх малітвах.
Тыя, хто глядзеў фільм “За імя маё”, думаю, пагодзіцца са мной: Уладзімір Ягораў сваіх герояў не іграе – ён сапраўды жыве ў вобразе айца Аляксандра. Настолькі, што хочацца пайсці да яго на споведзь і прыняць з яго рук Святое Прычасце…
…Вера таксама бывае рознай. Ёсць шчыра веруючыя людзі, якія ўсё робяць па правілах, так, як трэба, якія ўсё ведаюць з царкоўных канонаў, і ўсяляк гэта падкрэсліваюць. Між тым – магчыма, нават не ўсведамляючы таго — даючы зразумець астатнім: вы яшчэ не такія, вам да мяне і да сапраўднай веры – яшчэ расці і цягнуцца. Побач з імі адчуваеш, магчыма, захапленне: могуць жа іншыя… Але адначасова – сваю нікчэмнасць, недасканаласць, недаравальную грэшнасць… І пры гэтым – жаданне аддзяліцца: напэўна, гэта не для мяне, я недастойны, не такі і ніколі такім не стану, нават і старацца не варта…
І ёсць тыя, у каго вера – з любоўю! Як ва Уладзіміра Георгіевіча Ягорава. І побач з такім чалавекам ты разумееш – ды не: адчуваеш! — што Бог усіх любіць аднолькава – і яго, і мяне, і іншых. Не таму, што нехта лепшы, а другі горшы. Для Яго мы ўсе – дзеці, і таму – і лепшыя, і горшыя, і грэшныя, і правільныя – родныя, любімыя, дарагія. І ён усіх нас прыме і ўсё даруе – толькі б мы прыйшлі да яго, свайго Бацькі…

Автор: Ніна РЫБІК

Источник:Островецкая правда

Оригинал статьи:http://www.ostrovets.by/?p=886

просмотров:1543

Вакансии в Островце

Фотоальбом Островца

Первый снег в Островец 25.10.2017 #типичныйостровец
Описание :Первый снег в Островец 25.10.2017 #типичныйостровец

Курсы валют в городе Островец

Прогноз погоды в городе Островец

Счетчики сайта города Островец

Каталог Белорусских сайтов